top of page

Творчасць

   Літаратурная дзейнасць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнанняў, не збіраўся быць пісьменнікам. Як успамінае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысніўся яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова.

 Сцвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданне «У Саўках», змешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 снежня 1922 года. Але, дэбют трэба аднесці на больш ранні час, паколькі ў гэтай жа газеце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?»

 Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасці ахвотна звяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сферу пісьменніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасці, жыццё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, класавыя сутыкненні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой. Аб гэтым сведчаць апавяданні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Смерць» (1926) і інш.

  У канцы 1920-х гг. Міхась Зарэцкі звярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе змястоўнасць, лаканічнасць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасці. Яго першыя п'есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п'есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб'ектамі выкрыцця ў ёй сталі бездухоўнасць, душэўная чэрствасць і мяшчанства.

  Многія рукапісы Міхася Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».

2.jpg
3.jpg
1.jpg
bottom of page